125 гадоў таму нарадзіўся Апалінарый Пупко, слынны майстра, разьбяр. мастак.

Прафесійнай мастацкай адукацыі Апалінар не атрымаў, але дадзены Богам талент патрабаваў самавыражэння праз мастацкія вобразы. З дзяцінства з вялікай асалодай ён піша эцюды родных краявідаў акварэллю, лепіць з гліны, рэжа па дрэве, робіць малюнкі каляровымі алоўкамі.

Пасля заканчэння Івянецкага чатырохкласнага гарадскога вучылішча яму давялося паспытаць хлеба з працы рахункавода. Затым выкладаў маляванне ў школе, кіраваў выяўленчым гуртком пры Доме піянераў.

Бацькоўская хата была для яго акадэміяй жыцця, тут сфарміраваўся яго творчы і грамадзянскі светапогляд. Фасад хаты-музея ўпрыгожаны разьбянымі карыятыдамі і ліштвамі. Побач узвышалася манументальная брама: на слупах-вушаках – рэльефныя выявы гусляра і жняі, над стрэшкай – аб’ёмная фігура арла з распрасцёртымі крыламі, па цэнтры сіметрычных створак – дэкаратыўныя галовы львоў.Уваход у веранду аздоблены рэльефамі сейбіта і местачковай мадонны з немаўляцем на руках. Шыбы размаляваны дэкаратыўнымі расліннымі букетамі пад вітраж. У самой верандзе ўсё было застаўлена скульптурамі і завешана жывапіснымі пейзажамі.

Сенцы-гасцёўня нагадвалі фонды музея, дзе можна было сустрэць культавую ўніяцкую скульптуру ХVIII стагоддзя.

Сцены і столь залы ўпрыгожаны роспісамі на гістарычную і міфалагічную тэматыку. Арганічна ў інтэр’ер упісаліся каміны, выштукаваныя з рэльефнай кафлі ХIХ ст. і разьбяныя творы Апалінара.

Працы маэстра захоўваюцца ў музеях Мінска, Раўбічаў, Маладзечна і прыватных зборах. А ў Івянецкім музеі традыцыйнай культуры адведзена асобная зала пад экспазіцыю твораў А. Ф. Пупко.

298