Часовая экспазіцыя твораў былых малалетніх вязняў нацысцкіх канцлагераў «Былі. Ёсць. Будзем…»


Гісторыка-культурны музей-запаведнік “Заслаўе”

Міжнароднае грамадскае аб’яднанне “Узаемаразуменне”

Часовая экспазіцыя твораў былых малалетніх вязняў нацысцкіх канцлагераў і валанцёраў праекта “Скажам адзіноце — не”

Былі. Ёсць. Будзем…

Часовая экспазіцыя твораў былых малалетніх вязняў нацысцкіх канцлагераў “Былі. Ёсць. Будзем…”

да Міжнароднага дня вызвалення вязняў нацысцкіх канцлагераў

у рамках мерапрыемстваў да 80‑х угодак вызвалення Беларусі

За ўсіх, хто ўздымае цяжкія разоры,
Хто ў гарачым пекле металу,
За ўсіх, хто змагаецца з небам і морам,
За жывых і за тых, што сканалі
.

Ул. Караткевіч. “Быў. Ёсць. Буду…”

Ужо шмат гадоў 11 красавіка мы згадваем ахвяр нацызму, ахвяр, якія прайшлі праз вусціш канцлагераў…

І ўжо ж не шмат засталося тых, хто прайшоў праз тыя лагеры смерці…

Але мы памятаем… Памятаем і той жах, і тых, хто не выжыў у ім. Памятаем і тых, хто там выжыў…

Выжыў і перамог смерць, боль, горыч. Выжыў і жыў. І тварыў. І рабіў добрае — насуперак усяму злу.

Мы памятаем, каб не забылася і каб не паўтарылася. Мы памятаем, каб насуперак усяму болю і адчаю нашай памяці зрабіць штосьці добрае.

Праект аб’яднання “Узаемаразуменне” для былых малалетніх вязняў нацысцкіх канцлагераў і валанцёраў “Скажам адзіноце — не” і ёсць той быццам драбнюткай кропелькай дабрыні, якая ўліваецца ў ручаі пяшчоты дый стварае мора памяці, што ахутвае любоўю наш сусвет — ахутвае насуперак болю і злу.

Перажыўшы нястачы вайны, людзі здолелі захаваць у сваіх сэрцах тую любоў. Яны здолелі не проста выжыць, а жыць — жыць і квітнець краскамі прыгажосці, кладучы слой за слоем на мастацкае палатно фарбы жыцця.

Сабраныя разам у праекце, яны твораць сапраўднае мастацтва — не прафесійнае “на продаж”, але шчырае і ад душы.

Сам праект складаецца з двух часткак. Першая — “Сцяжынкамі Язэпа Драздовіча”, — прысвечаная творчасці слыннага беларускага мастака. Дый дзе ж, як не ў нашым Запаведніку, дзе ўсіх сяброў шчыра вітае Музей беларускай маляванкі, і выстаўляць палотны, натхнёныя маляванымі дыванамі Дзядзькі Язэпа?!

Другая ж частка выставачнага праекта натхнёная творчасцю іншага беларускага мастака — сусветна вядомага Марка Шагала. Як калісь і сам мастак з Віцебску ляцеў у сваіх марах па-над родным местам, так і нашыя мастакі сёння лятуць у прыгожых аблоках-летуценнях да свайго творчага выраю, дзе яны пішуць карціны. А ці ж шмат трэба да таго, каб той вырай знайсці — проста мець у сэрцы любоў ды тварыць…

Усміхнёмся — насуперак усяму таму болю і адчаю, які быў… Усміхнёмся насустрач радасным і светлым работам людзей, якія і самі пасміхаюцца нам са сваіх палотнаў. Пасміхаюцца, не гледзячы ні на што…

230